194

Справа Tut.by: 17 сакавіка агучаць прысуд толькі Золатавай і Чэкінай, астатніх фігурантак «асудзяць, калі знойдуць»

16.03.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Мінскі гарадскі суд запланаваў на 17 сакавіка канчатковае пасяджэнне ў справе ліквідаванага ўладамі ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» для вынясення вердыкту ў дачыненні да фігурантаў справы. Напярэдадні прысуду стала вядома, што ў гэты дзень пакараюць не ўсіх удзельнікаў працэсу. 

Як адзначаюць дзяржаўныя медыя са спасылкай на судовыя органы, 17 сакавіка а 15-й гадзіне прысуд будзе агучаны толькі ў дачыненні да абвінавачаных, узятых пад варту. Гаворка пра генеральную дырэктарку кампаніі Людмілу Чэкіну і галоўную рэдактарку партала Марыну Золатаву. 

Удакладняецца, што справа ў дачыненні да іншых фігурантак, якія «збеглі ад правасуддзя» за мяжу, у парадку арт. 302 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ «прыпыненая вытворчасцю да іх вышуку». Гэта тычыцца галоўнай рэдактаркі палітыка-эканамічнага блока навін Вольгі Лойкі, рэдактаркі аддзела нерухомасці Алены Талкачовай і юрысконсульта Кацярыны Ткачэнка.

Канчатковы прысуд, як і ўсё папярэдняе разбіральніцтва, будзе агучвацца ў закрытым фармаце. З прычыны надзвычайнай сакрэтнасці цягам працэсу да апошняга невядома, якія тэрміны для супрацоўніц партала запатрабавала пракуратура.

Пад чакана жорсткі вердыкт падганяецца адпаведны прапагандысцкі фон: увечары 16 сакавіка тэлеканал «Беларусь 1» пакажа «расследаванне» адыёзнай вядоўцы Ксеніі Лебедзевай пад назвай «Бай-бай, Tut.by», якім дзейныя ўлады паспрабуюць апраўдацца за татальны пераслед незалежных журналістаў у Беларусі.   

Першае пасяджэнне над шэрагам супрацоўніц ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» адбылося 9 студзеня 2023 года пад началам суддзі Валянціны Зянкевіч.

Агулам прайшлі амаль чатыры дзясяткі закрытых разглядаў, матэрыялаў  назбіралася на 180 тамоў. Замест першапачаткова заяўленых пяці ўдзельнікаў на лаве падсудных аказаліся двое — Людміла Чэкіна і Марына Золатава. За кратамі яны ад 18 мая 2021 года, калі сілавікі ўчынілі разгром рэдакцыі і затрымалі паўтара дзясятка супрацоўнікаў.

Кампанію ім мусілі скласці Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка. Іх вызвалілі летась пад паручальніцтвы з абавязкам з’явіцца ў суд, але тыя з’ехалі з Беларусі, як толькі назвалі дату працэсу. «Збеглых» абвясцілі ў міжнародны вышук, іх справу вылучылі ў асобную «спецвытворчасць».

Што да асноўных фігурантак, якіх збіраюцца асудзіць 17 сакавіка, то  Людмілу Чэкіну вінавацяць па трох крымінальных артыкулах: ухіленне ад выплаты сум падаткаў; учыненне злачынстваў на распальванне сацыяльнай варожасці; распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць публічныя заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Марыне Золатавай інкрымінавалі ўхіленне ад выплаты сум падаткаў; распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць публічныя заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі; распальванне сацыяльнай варожасці. Падчас судовага працэсу журналістка пазбавілася сваёй абаронцы: 25 студзеня кваліфікацыйная камісія пры Міністэрстве юстыцыі правяла атэстацыю і анулявала ліцэнзію адвакаткі Аксаны Белай, якую тая атрымала яшчэ ў 2003 годзе.

Таксама даводзілася, што Людміла Чэкіна разам з Марынай Золатавай, Вольгай Лойкай і Аленай Талкачовай мелі дачыненне да публікацыі ў 2020-2021 гадах на сайце Tut.by матэрыялаў, што змяшчалі «загадзя пазітыўную ацэнку дзеянняў апанентаў улады і негатыўнае адлюстраванне рашэнняў службовых асоб, якія выступалі за захаванне дзейнага канстытуцыйнага ладу».

Летась Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка і Алена Талкачова трапілі ў спіс Камітэта дзяржбяспекі як асобы, «датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці».

У рэдакцыю Tut.by сілавікі заявіліся з ператрусам 18 мая 2021 года. Тады за кратамі апынуліся паўтара дзясятка супрацоўнікаў, уключна з Юліяй Чарняўскай, жонкай памерлага заснавальніка партала Юрыя Зісера. На ўсіх завялі крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 243 КК («ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры»).

Рашэннем Міністэрства інфармацыі сайт з мільённымі наведваннямі быў заблакаваны, а дзейнасць шматлікага калектыву апынулася пад фактычнай забаронай.   

Чытайце яшчэ:

Рэдактара «Інфа-Кур'ера» і яго намесніка змясцілі ў ізалятар, "Белсаюздруку" адмаўляецца браць газеты

Латвия заблокировала много российских СМИ, но местные порталы продолжают продвигать кремлёвские нарративы

Былому журналісту з Драгічына забаранілі выезд з Беларусі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!