810

Справа Nexta: Пуцілу і Рудзіка выклікаюць добраахвотна “засудзіцца па спецвытворчасці”, Пратасевіча ў позве няма

03.02.2023 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Мінскі абласны суд прызначыў на 16 лютага пасяджэнне ў межах так званай “спецыяльнай вытворчасці” з удзелам рэдактараў інфармацыйнага рэсурсу Nexta Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка. Абодва даўно за межамі краіны і беларускаму правасуддзю не давяраюць. 

Згодна з абвесткай на сайце Вярхоўнага суда, фігуранты мусяць з’явіцца аб 11-й раніцы ў будынак Мінскага раённага суда з дакументамі, якія пацвярджаюць асобу.

У апошнія дні 2022 года Генеральная пракуратура паспела накіраваць у суд крымінальную справу ў дачыненні да Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча. Апошні ўжо больш за паўтара года знаходзіцца пад хатнім арыштам у Мінску, два першыя жывуць у Варшаве, іх справы разглядаліся следчымі на падставе так званай “спецвытворчасці”, то бок у фізічную адсутнасць фігурантаў. Такі спосаб пакарання летась прыдумаў Следчы камітэт, прапануючы, акрамя ўсяго, завочна не толькі караць апанентаў турмой, а пазбаўляць маёмасці і грамадзянства.   

З паведамлення Мінскага абласнога суда вынікае, што Раман Пратасевіч ад суда або вызвалены, або яго справа будзе разглядацца іншым парадкам. Прынамсі ўмовы за “шчыльнае супрацоўніцтва са следствам і шчырае раскайванне”, на чым неаднаразова спекулявалі прапагандысты, не разгалошваюцца. 

Тым не меней, у ранейшых версіях усім абвінавачаным былі інкрымінаваныя наступныя крымінальныя артыкулы:

– распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт.130);

– арганізацыя масавых беспарадкаў, навучанне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх (ч. 1 і ч. 3 арт. 293);

– арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 і ч. 2 арт. 342);

– публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, акту тэрарызму, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361);

– стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім (ч. 1 арт. 361-1);

– паклёп і публічная абраза прэзідэнта Беларусі (ч. 2 арт. 367, ч. 2 арт. 368).

Акрамя таго, Сцяпану Пуцілу і Яну Рудзіку выстаўленыя  дадатковыя артыкулы, якіх не было ў Рамана Пратасевіча:

– змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч.1 арт. 357 КК);

– фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (ч.2 арт. 361-2);

– дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК).

Асобна Сцяпану Пуцілу інкрымінавана “арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі” (ч. 1 арт. 290-5 Крымінальнага кодэкса).

Усе гэтыя абвінавачанні таксама фігуруюць у позве, арыгінал якой апублічыў Мінскі абласны суд.  

Бок абвінавачання сцвярджае: пачынаючы з 2020 года “дзеля рэалізацыі агульнага плана змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам”, выконваючы задачы групы, якую яны  ўзначальвалі, фігуранты публікавалі ў сетках каналаў Nexta і "Беларусь галаўнога мозгу" матэрыялы, мэтай якіх было:

– падбухторванне людзей да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады;

– арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і іншых несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў;

– распальванне сацыяльнай варожасці на падставе прыкмет іншай сацыяльнай прыналежнасці;

– прымяненне гвалту ці пагрозы яго ўжывання, знішчэнне маёмасці, распаўсюд паклёпніцкіх звестак і апублічванне персанальнай інфармацыі;

– замах на правы і законныя інтарэсы ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іх блізкіх;

– заклікі да здзяйснення пратэстна настроенымі грамадзянамі актаў тэрарызму.

У дачыненні да Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка праведзена спецыяльная вытворчасць на падставе пастановы старшыні Следчага камітэта Дзмітрыя Гары. Завочна абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Раней у дачыненні да іх Генеральная пракуратура заявіла пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды ў інтарэсах дзяржавы на суму больш за 30 мільёнаў рублёў.

Што да Рамана Пратасевіча, дык ён “у поўным аб'ёме” выканаў умовы заключанага з ім дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве, але мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту пакуль што пакінута без зменаў.

Чытайце яшчэ:

«Немагчыма было наўпрост з калегамі стэлефанавацца, сказаць аператару, дзе ты». Дняпроўская журналістка пра працу падчас трагедыі

Фактчэкінг у эпоху фэйкаў. Памятка, як журналісту не стаць ахвярай маніпуляцый

"Суразмоўца медыя павінен разумець рызыку". Дыскусія пра экстрэмізм і этыку

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!