Warning: file_put_contents(): Only 45056 of 46587 bytes written, possibly out of free disk space in /var/www/html/bajby.one/src/FileCacher.php on line 21
«Нуль кілабайт». Міністэрства інфармацыі страціла свой «экстрэмісцкі спіс»? | baj.by
374

«Нуль кілабайт». Міністэрства інфармацыі страціла свой «экстрэмісцкі спіс»?

23.05.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Так званы «рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», які рэгулярна абнаўляе Міністэрства інфармацыі па рэкамендацыі «кампетэнтных органаў», цяпер пусты: 0 Кб, як вынікае з афіцыйнай інтэрнэт-старонкі, дзе раней можна было загрузіць пералік інфапрадукцыі, забароненай да распаўсюду. 

Ад раніцы 23 траўня немагчыма ўдакладніць, ці не адкарэктавала  кантрольнае ведамства чарговым разам «экстрэмісцкую» статыстыку. Пераход на міністэрскім сайце з рубрыкі «дакументы» непасрэдна ў раздзел «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» выдае, што файл для запампоўкі запытаных звестак абсалютна пусты. 0 Кб («нуль кілабайт») — канстатуе сістэма побач з «іконкай» для актывізацыі працэдуры. 

Нават калі засумнявацца ў карэктнасці звестак і прымусова задаць каманду загрузкі, урэшце адчыняецца пусты аркуш.

Варыянтаў «знікнення» стратэгічнага спісу няшмат: альбо на ўнутраным  серверы здарылася тэхнічная аварыя і неўзабаве ўсё наладзіцца (дзеля справядлівасці, сайт установы і астатні час не адрозніваецца аператыўнасцю ды наогул цікавым і карысным кантэнтам), альбо інтэрнэт-старонка ведамства стала ахвярай неназваных хакераў-«вызваліцеляў». 

Прынамсі нейкіх тлумачэнняў з гэтай нагоды кіраўніцтва Мінінфармацыі не дало пакуль.  

Не выпадае сумнявацца, што «знос» базы з пералікам у масе сваёй  рэспрэсаваных незалежных медый, інфармацыйных каналаў ды  карпаратыўных чатаў наўрад ці засмуціў бы супольнасць, наўпрост пацярпелую ад цэнзуры. Хутчэй, зусім наадварот. Бо насамрэч міністэрскі спіс — гэта забарона на дзейнасць тым незалежным медыя ці ідэйным апанентам, якія так ці інакш выяўляюць нелаяльнасць да дзейнага рэжыму.

Складана дакладна падлічыць, колькі на гэты момант канкрэтна інфармацыйнай прадукцыі трапіла ў «чорны спіс» Мінінфармацыі: новыя пазіцыі не нумаруюцца, а асобныя рэсурсы туды трапляюць комплексна — разам з сайтамі, сацсеткамі і нават таварнымі знакамі.  

Апошнія маніторынгі толькі засведчылі, што агулам сістэматызаванае «экстрэмісцкае змесціва» ўпэўнена набліжаецца да 600 старонак — імклівы рост у 10 разоў ад пачатку татальных зачыстак грамадзянскай супольнасці пасля драматычных падзей 2020-га.

Для прыкладу, ад моманту першага зафіксаванага запісу ў 2008 годзе пра дакументальны фільм «Урок Беларускае Мовы» на CD-R дыску і да апошняга ў канцы 2019-га з відэаролікам «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» хапіла ўсяго 60 аркушаў. 

Затое ўся астатняя маса — звыш паўтысячы старонак — назапасілася менш чым за тры гады.  

Чытайце яшчэ:

Агучана судовае рашэнне па апеляцыі журналіста Дзмітрыя Семчанкі: пакінуць без задавальнення

Журналисты могут быть «законной военной целью»? БАЖ разбирается в правовых нюансах с юристом-международником

26 траўня Вярхоўны суд пачне разглядаць апеляцыю журналіста Андрэя Пачобута

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!