342

Медыяэкспертку Валерыю Касцюгову пакаралі 10 гадамі калоніі за «злачынствы супраць дзяржаўнага ладу»

17.03.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Мінскі гарадскі суд 17 сакавіка агучыў вердыкт у справе палітзняволеных Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай. Як і запатрабаваў раней бок абвінавачвання, менеджарак асудзілі на 10 гадоў калоніі кожную.   

Крыху больш за месяц спатрэбілася абазнанай у палітычных працэсах суддзі Дзіне Кучук, каб агучыць рэзулятыўную частку рэзананснай справы. 6 сакавіка прадстаўнік пракуратуры папрасіў пакараць фігурантак 10 гадамі зняволення, на што сёння ў суддзі не знайшлося аніякіх пярэчанняў. 

Абвінавачаным дадзены час на магчымасць аспрэчання суровага прысуду, хоць, як паказвае практыка «правасуддзя па-беларуску», усе апеляцыі палітвязняў застаюцца без задавальнення або атрымліваюць мінімальныя касметычныя карэктывы.  

Журналістка Валерыя Касцюгова і менеджарка публічнага адміністравання Таццяна Кузіна ўжо больш за паўтара года правялі ў СІЗА №1 Мінска на падставе трох крымінальных артыкулаў за «злачынствы супраць дзяржаўнага ладу». 

Да разгляду аб’яднанай справы Мінскі гарадскі суд прыступіў толькі 6 лютага 2023 года. Прычына надзвычайнай маруднасці на этапе следства традыцыйна не называецца.  

Валерыю Касцюгову затрымалі ў Мінску разам з мужам-аналітыкам і бацькам-інвалідам 30 чэрвеня 2021 года супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі. У кватэры правялі ператрус, забралі носьбіты інфармацыі.

Мужчын пасля допыту адпусцілі, а журналістку выправілі ў ізалятар на Акрэсціна. Неўзабаве яна апынулася ў сталічным СІЗА №1, дзе стала падазраванай па шэрагу крымінальных артыкулаў:

- арт. 357, ч. 1 (змова ці ішыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады),

- арт. 361-1, ч. 3 (заклікі да дзеянняў абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы),

- арт. 130, ч. 3 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці).

Таццяну Кузіну сілавікі затрымалі на суткі раней, у ноч на 29 чэрвеня, у мінскім аэрапорце, калі тая збіралася адляцець у Грузію. Яна сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, экспертка даследчага праекта Bipart. Абвінавачанні супраць яе ідэнтычныя тым, што і ў Валерыі Касцюговай. 

Абедзьвюх экспертак праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі і патрабуе спыніць пераслед за грамадзянскую пазіцыю. 

Валерыя Касцюгова — рэдактарка і аўтарка аналітычнага «Беларускага штогодніка», кіраўніца групы экспертаў маніторынгу «Беларусь у фокусе». За кратамі адзначыла 55-гадовы юбілей. Яна не змагла развітацца з бацькам, якога доўгі час даглядала з прычыны яго хваробы і які памёр праз некалькі месяцаў пасля арышту дачкі.

Шлях у журналістыку пачынала ў першай палове 1990-х на папулярнай беларуска-амерыканскай FM-радыёстанцыі «Бі-Эй». Пасля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 года адтуль звольнілася, перайшла ў грамадска-палітычнае выданне «Белорусская деловая газета» («БДГ»), дзе адказвала за тэму міжнародных зносін.

Паралельна рыхтавала аналітычныя тэксты для інтэрнэт-выдання «Наше мнение», ля вытокаў якога ў 2003 годзе стаяў журналіст Аляксандр Фядута, цяпер гэтаксама палітвязень. Пасля фактычнай ліквідацыі «БДГ»  стала спачатку мадэратарам сайта, а затым галоўнай рэдактаркай.

Ад 2008-га разам з мужам, аналітыкам Анатолем Панькоўскім, пачала рэдагаваць «Беларускі штогоднік» — збор аглядаў, прысвечанных сітуацыі ў Беларусі. Таксама яна кіраўніца Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспертызы пры Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў. Аналітычны досвед Валерыі Касцюговай ацанілі нават улады, запрасіўшы яе ў экспертную раду кансультацыйнай пляцоўкі «Мінскі дыялог».     

Па слядах маці пайшла і дачка: Настасся Касцюгова — дзейная менеджарка стратэгічнай камунікацыі Офіса Святланы Ціханоўскай.  

Чытайце яшчэ:

Рэдактару «Інфа-Кур'ера» і яго намесніку прызначылі 15 сутак за непарадкаванне

«Без нацыянальнага прымірэння нам не захаваць незалежнасці Беларусі». Адкрыты ліст Іосіфа Сярэдзіча

Журналіста Сяргея Сацука перавялі ў магілёўскую калонію

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!