574

У Пінску сёння зноў будуць судзіць блогера Мікалая Клімовіча

27.02.2023 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

У судзе Пінскага раёна і г. Пінска 27 лютага будзе разглядацца крымінальная справа ў дачыненні да мясцовага блогера Мікалая Клімовіча. Яго абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (“Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”).

Падставай для пераследу паслужыла карыкатура. Блогер размясціў у сацыяльнай сетцы сатырычны малюнак з Лукашэнкам.

Нядаўна Мікалая Клімовіча ўжо судзілі за падобныя дзеянні, але па адміністрацыйнай справе паводле арт. 19.10 КаАП. За тое, што ў сацыяльнай сетцы "Одноклассники" дазволіў сабе пасмяяцца з карыкатуры на Уладзіміра Пуціна, намаляванага ў нацысцкай форме — пад карыкатурай паставіў смайлік “смешна”. Суддзя Андрэй Бачыла прызнаў блогера вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі і прызначыў яму штраф  памерам 111 беларускіх рублёў.

27 лютага судовы працэс над блогерам будзе весці таксама суддзя Бачыла.

Увагу сілавікоў сацсеткі Мікалая Клімовіча прыцягнулі ў снежні мінулага года. Тады яго затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. За кратамі блогер адседзеў трое сутак, пасля яму стала дрэнна з сэрцам, бо мае інваліднасць у сувязі з хваробай сэрца. Міліцыянты перадалі яго лекарам на лячэнне і вызвалілі да суда.

Чытайце яшчэ:

БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі: прайдзіце яго і дапамажыце нам стаць лепш!

“Расказаць праз фотаздымак сваю гісторыю”. Як беларуская журналістка ажыццявіла адукацыйны праект у Варшаве

Рэжысёр Уладзімір Ушакоў: «Не хачу падлічваць, што страціў. За апошнія тры гады здабыткаў было больш»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!